Акцыя «Дай лесу новае жыццё»
21.10.2024Акцыя «Дай лесу новае жыццё» праходзіць па усей краіне. Школьнае лясніцтва Вішнеўскай сярэдняй школы таксама стала актыўным удзельнікам гэтай добрай справы. Гэта выдатная магчымасць пакінуць пасля сябе добры след на сваёй "маленькай радзіме".
Пачынаючы з 2000 года на рахунку школьнага лясніцтва не адзін гектар пасаджанага лесу. Многія выпускнікі нашага лясніцтва працуюць у лясной гаспадарцы раёна і вобласці. Падчас акцыі свае веды, атрыманыя ў ВНУ перадаваў цяперашнім школьнікам наш выпускнік, студэнт 4 курса, Аляксандр Бурко, які падчас вытворчай практыкі працуе майстрам лесу ў Вішнеўскім лясніцтве. У свой час Аляксандр быў ляснічым школьнага лясніцтва, а надалей ён плануе звязаць свой лёс з лясной гаспадаркай і пасля заканчэння ВНУ вярнуцца на працу ў Вішнеўскае лясніцтва і "дарасці" да пасады ляснічага.
Лес наша багацце! І сапраўды, на Вішнеўшчыне не толькі багатыя лясы сваімі дарамі, але яны яшчэ даюць магчымасць вучням больш глыбока разумець праблемы экалогіі, выхоўваць у іх працавітасць, адказнасць за даручаную справу, прывіваць любоў да прыроды і Радзімы ў цэлым.